Вяртанне да дому
Год перамогі над фашызмам. Скончылася “вайна пад стрэхамі”. Адамовіч вярнуўся дадому ў Глушу. Экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Алесь Адамовіч – постаць еўрапейскага маштабу, як казаў пра яго Васіль Быкаў. Разам з ім (В.Быкавым) – сумленне нашай нацыі, “беларускі Вацлаў Гавэл”, бадай што адзіны з пісьменнікаў, які не баяўся казаць чыноўнікам праўду ў твар, як пісаў рэжысёр, драматург Васіль Дранько-Майсюк. Зацяты барацьбіт за мір на зямлі, супраць атаму – як ваеннага, так і мірнага, за свабоду слова.
“Абачлівасць, асцярожнасць, невытыркальнасць, баязлівасць — усе гэтыя блізкія нам якасці — не пра Адамовіча. У нашай запалоханай рэпрэсіямі літаратуры мы няшмат знойдзем пісьменнікаў, якія маглі так жа адкрыта, зухавата не баяцца і заўсёды ісці ў наступ, прабіваць любыя сцены” - пісаў Дранько-Майсюк.
У Глушу сям’я Адамовічаў трапіла ў 1928 годзе, калі сюды накіравалі на працу бацьку Алеся Міхаіла Адамовіча пасля сканчэння медыцынскага факультэта БДУ. Тут ён дамогся будаўніцтва бальніцы, якой і загадваў. З першых дзён вайны Міхаіл Адамовіч быў на фронце, даслужыўся да падпалкоўніка медыцынскай службы.
У медыцыне працавала таксама маці Алеся Адамовіча – Ганна Мітрафанаўна, у дзявоцтве – Тычына. Яна была фармацэўтам, працавала ў аптэцы.
Лекарам таксама стаў старэйшы брат Алеся Яўген.
«Характар, запальчывасьць — тут і да трох не лічы. Помню, якім ён здаўся мне страшным, калі бег ад бальніцы да нас, што расклалі вогнішча амаль пад саламянай страхой хлява. (А ўсё пачалося з павелічальнага шкла, якім мы выпальвалі на бярвенні свае імёны.) Да самай начы я не прыходзіў дамоў" (Алесь Адамовіч пра бацьку, "Vixi")
Бацьку Ганны Адамовіч – Мітрафана Тычыну ў 1930 годзе раскулачылі і выслалі разам з жонкай і трыма дзецьмі (з сямі) ў Якуцію. Маці Алеся Адамовіча ўлады ўсё жыццё нагадвалі, што яна – “дачка кулака”. Мітрафан Тычына так ніколі і не вярнуўся з Якуціі на радзіму.
Маці пісьменніка стала актыўнай удзельніцай Глушанскага падполля. Яна прывозіла з Бабруйска медыкаменты і забяспечвала імі партызан. У пачатку 1943 года разам з сынамі яна была вымушана пайсці ў лес, у партызанскі атрад. У гэты час Алесю давялося пабачыць вайну ў твар, што пазней вельмі адбілася на ягонай творчасці. Менавіта з гэтага часу бяруць вытокі ягоныя творы "Вайна пад стрэхамі" і “Сыны ідуць у бой”.
1945
Год перамогі над фашызмам. Скончылася “вайна пад стрэхамі”. Адамовіч вярнуўся дадому ў Глушу. Экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
1948
Адамовіч пачаў пісаць свой першы раман “Сыны ідуць у бой”.
25-га лістапада нечакана памёр бацька, Міхаіл Іосіфавіч. Ноччу ён паехаў на саўгасным грузавіку да парадзіхі, але машына па дарозе заглохла. Тады лекар пайшоў пешшу, моцна прастудзіўся, дамоў вярнуўся з высокай тэмпературай, у яго здарыўся інсульт. Смерць бацькі моцна ўразіла Алеся – ён сам пасля гэтага на паўгады трапіў у шпіталь.
1950
Адамовіч скончыў філфак БДУ, паступіў у аспірантуру. Упершыню выступіў у друку як літаратурны крытык. Пісаў пра праблемы раманнага жанру, творчага стылю, культуру творчасці, мастацкую індывідуальнасць. І з першых публікацый у ім выявіўся байцоўскі тэмперамент, шырата далягляду, чуласць да праўды. Ён адразу пачаў ваяваць з вульгарна-сацыялагічнымі шаблонамі ў літаратуры. Чым з самага пачатку нажыў сабе нямала ворагаў.
1954
Абараніў дысертацыю “Мова рамана “Трэцяе пакаленне” і індывідуальны літаратурна-мастацкі стыль Кузьмы Чорнага”, якую напісаў усяго за тры летнія месяцы ў 1953 годзе. Стаў выкладчыкам беларускай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ. У тым жа годзе вясной у іх разам з жонкай Верай Сямёнаўнай нарадзілася дачка Наталля.
1956
Адамовіч перайшоў на працу навуковым супрацоўнікам у Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, дзе прапрацаваў з невялікім перапынкам трыццаць гадоў (з 1976 па 1983 гады быў загадчыкам сектара ўзаемасувязяў літаратур). Апублікаваныя ў гэты час навуковыя працы заўсёды выклікалі шырокі грамадскі рэзананс, амаль усе былі перакладзены на рускую мову і надрукаваныя ў Маскве.
1960
У часопісе “Дружба народов” публікуецца раман “Вайна пад стрэхамі”. Пра яго Адамовіч казаў: “Калі мне што і ўдалося ў рамане “Вайна пад стрэхамі”, то гэта таму, што перш гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём”.
1962
У Кіеве ў Інстытуце літаратуры імя Т.Шаўчэнкі АН УССР Адамовіч абараніў доктарскую дысертацыю на падставе сваёй манаграфіі “Беларускі раман”. Прыйшлося ехаць ва Ўкраіну, бо ў Менску “уплывовыя” літаратары пагражалі нядопускам да абароны. Тады і пачалося “выцясненне” Адамовіча за межы Беларусі.
У тым жа годзе паступіў на Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве.
1966
Быў вымушаны сыйсці з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, бо адмовіўся падпісаць ліст супраць Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля, маскоўскіх літаратараў-дэсідэнтаў, якіх судзілі за “антысавецкую дзейнасць”. Вярнуўся ў Менск. Больш за паўгады быў беспрацоўным – яго не бралі ні ў БДУ, ні ў Акадэмію навук БССР. Дапамог Андрэй Макаёнак, які звярнуўся да сакратара ЦК КПБ П. Машэрава. Быў прыняты на працу ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы ў якасці старшага навуковага супрацоўніка.
У тым жа годзе апублікаваў аповесць “Вікторыя” (затым названая “Асія”).
1970-75
Кніга ”Я з вогненнай вёскі...” (у суаўтарстве з Я.Брылём і У.Калеснікам) выйшла асобным выданнем. Перакладзеная на многія замежныя мовы, стала літаратурным бестсэлерам.
У 1970 годзе выходзіць двухсерыйны фільм “Вайна пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой” (рэжысёр Віктар Тураў, аўтар і выканаўца песень Уладзімір Высоцкі), галоўную ролю ў якім згуляла Ніна Ургант.
Па матывах кнігі “Я з вогненнай вёскі...” на падставе сцэнара Адамовіча рэжысёрам Віктарам Дашуком знятыя пяць дакументальных фільмаў (1975–78) (цыкл “Жанчыны з вогненнай вёскі”: “Жанчыны з забітай вёскі” (1975); “Жменя пяску” (1975); “Нямы крык”, (1975); “Суд Памяці” (1976); “Апошняе слова” (1978).
З красавіка 1975 года Адамовіч разам з Даніілам Граніным пачаў запісваць ленінградскіх блакаднікаў.
1979
Выходзіць першая частка”Блакаднай кнігі”.
22 траўня пасля цяжкай хваробы памірае маці Ганна Мітрафанаўна. Памерла “на Міколу” вясновага, калі квітнелі сады. Незадоўга перад гэтым сам пісьменнік перанёс язвавы крывацёк. Яго выратавалі шчаслівы выпадак і маці: ён прыйшоў наведаць яе ў Лечкамісію і быў тэрмінова шпіталізаваны.
1982
Адамовіч удзельнічае ў рабоце Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў складзе беларускай дэлегацыі. Шмат ездзіў па свеце, прымаючы ўдзел у міжнародных антываенных, антыядзерных канферэнцыях, дзе выступаў з дакладамі, даваў шматлікія інтэрв'ю. Публіцыстыка таго часу сабрана ў яго кнігах “Выберы – жыццё!” (1986), “Літаратура і праблемы стагоддзя” (1986), “Дадумваць да канца” (1988).
1983-85
Здымкі кінафільма “Ідзі і глядзі”, (у аснове сцэнара - “Хатынская аповесць” і “Карнікі”), у суаўтарстве з кінарэжысёрам Элемам Клімавым.
(Гэты фільм – пад першапачатковай назвай “Забіце Гітлера!” - Адамовіч і Клімаў спрабавалі паставіць да гэтага амаль сем гадоў, пасля таго, як у 1977 г. праца над фільмам была спыненая Дзяржкіно).
У 1985 г. “Ідзі і глядзі” атрымаў першую прэмію і Залаты прыз і прыз ФІПРЭСІ на XIV Маскоўскім кінафестывалі (гл. прэмія 1 МКФ, Троя, Партугалія, 1985; гл.спец. Прыз журы ХІХ ВКФ, Алма-Ата 1986 і інш. ) і абышоў экраны многіх краін свету, атрымаўшы вялікі рэзананс.
Чарнобыль
У ноч на 26 красавіка, калі выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч ляцеў на самалёце на поўдзень, на Каўказ, у санаторый Жалезнаводска. З першых дзён шукаў магчымасць разбурыць сцяну сакрэтнасці вакол Чарнобыля, апытваў вучоных, фізікаў-атамшчыкаў, медыкаў, гаспадарнікаў Мінска і Масквы пра магчымыя наступствы катастрофы. Пасля гэтага напісаў ліст М. С. Гарбачову, каб данесці да яго і сусветнай грамадскасці сапраўдныя маштабы бедства, якое здарылася на Беларусі. Беларускае партыйнае кіраўніцтва арганізавала ў друку абструкцыю, абвінаваціўшы Адамовіча ў пацыфізме, панікёрстве, блюзнерстве і клікустве. У выніку ён быў вымушаны пакінуць Мінск і пераехаць на працу ў Маскву, дзе ўвосень 1987 года быў абраны дырэктарам Усесаюзнага НДІ кінамастацтва. Скончыў аповесць-антыўтопію “Апошняя пастараль” (“Новый мир”, 1987 г.).
1989
Стаў народным дэпутатам СССР, актыўна выкарыстоўваў трыбуну з'ездаў для выступаў за перабудову, дэмакратызацыю і галоснасць. Публіцыстыка Адамовіча апошніх гадоў сабрана ў яго кнігах “Адваяваліся!” (1990), “Мы – шасцідзясятнікі” (1991), “Апакаліпсіс па графіку” (1992).
1991-93
У дні жнівеньскага путчу 1991 г. у Маскве Адамовіч знаходзіўся ў шэрагах абаронцаў Белага дома. Гэтыя падзеі адлюстраваў у публіцыстычна-мемуарным эсэ “Дзякуй, хунта!”. 21 снежня 1991 года перанёс цяжкі інфаркт міякарда.
У 1992 г., знаходзячыся ў клініцы, а затым у падмаскоўным санаторыі, спяшаўся скончыць творчыя планы, задумы. Дапісаў аповесці“Венера, або Як я быў прыгоннікам”, “Нямко”.
7 траўня памёр брат Яўген.
У 1993 г. Адамовіч скончыў і апублікаваў аўтабіяграфічную аповесць “Vixi” (Пражыта).
1994
На праваслаўныя Каляды і стары Новы год прыехаў у Менск. Удзельнічаў у працы Сойму БНФ. Збіраў дома гасцей: радню, блізкіх сяброў. Ездзіў у Глушу, пабываў на магілах брата і бацькоў. На могілках паказаў месца побач з магілай брата, дзе завяшчаў сябе пахаваць.
26 студзеня выступаў у Вярхоўным судзе Расійскай Федэрацыі з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюза пісьменнікаў, Міжнароднага Літфонду, у падтрымку непадзельнасці ўласнасці пісьменнікаў былога СССР, вярнуўся на сваё месца ў зале, спытаў у суседа, як ён выступіў, пасля чаго здарыўся другі, апошні інфаркт. Грамадзянскія паніхіды праходзілі ў Доме кіно (Масква) 28 студзеня, у Доме літаратараў (Менск) 29 студзеня, адпявалі ў Менскім саборы 29 студзеня.
Пахаваны ў Глушы 30 студзеня 1994 года побач з братам, недалёка ад магілаў бацькоў, бабулі.
"Калі б Адамовіч быў жывы, ён не маўчаў бы пра Астравецкую АЭС"
"Ён ішоў ва-банк, калі "склалі лапкі" і не хацелі ваяваць з уладамі ні Міністэрства аховы здароўя, ні вучоныя, ён адзін ішоў супраць усіх".
Зінаіда Іванаўна Гарнастай нарадзілася ў Глушы ў 1938 годзе. Тут жылі яе бацькі, якія вельмі сябравалі з сям'ёй Адамовічаў, а падчас вайны разам хаваліся ў лесе ў партызанскім атрадзе. Яна распавядае, што памятае пра тыя часы сама і з аповедаў родных.
"Падчас вайны вельмі сябравалі мае бацькі з сям'ёй Адамовічаў. Я нарадзілася на дзесяць гадоў пазней за яго, таму асабістых нейкіх адносінаў у нас не было. Але цяпер мы добра сябруем з ягонай дачкой, і з дзецьмі Яўгена. А мае дзеці сябруюць з іх унукамі.
Калі Адамовічы прыехалі ў Глушу, яны спачатку жылі на кватэры ў Пагоцкіх. Гаспадар гадаваў пчол. Вуллі стаялі наўпрост за домам. Лякарні тады яшчэ не было ў Глушы. І вось стары Адамовіч, Міхаіл, пачаў хадайнічаць, каб яе ўсё ж пабудавалі. Ну і так выйшла, што размесцілі яе як раз на месцы гэтых вулляў. Пагоцкія пакрыўдзіліся.
І падчас вайны жонка Пагоцкага з усіх сіл пачала "капаць немцам на Ганну Адамовіч". Ейны сын Казік сябраваў з сынамі Адамовічаў, бачыў тую "дзвіжуху", што была ў аптэцы, калі Ганна Мітрафанаўна пастаўляла лекі партызанам. Ну і расказаў пра гэта сваёй маці. А тая - у камендатуру. Тады таксама мой тата збег з канцлагера, прыехаў сюды, мясцовыя былі арганізаваўшы падполле. І тады высветлілася, што нашу сям'ю і Адамовічаў плануюць павесіць на цэнтральнай плошчы Глушы. Тады яны разам - мае бацькі і Адамовічы - сыйшлі ў лес.
"У кнізе ў Адамовіча Пагоцкія сталі Жыгоцкімі. Пасля выхаду аповесці сын Пагоцкіх, той самы Казік, пакрыўдзіўся, пачаў пісаць у Саюз пісьменнікаў, маўляў, што ён мяне паліцаем выставіў, я ніколі не служыў немцам. Але тады ўсе яшчэ былі жывымі, усе ўсё ведалі. Яму патлумачылі, што гэта - мастацкі твор. І пытанне тады закрылася.
Але праз некалькі гадоў раптам зноў гэты Пагоцкі пачаў пісаць па інстанцыях. Мяне выклікае старшыня сельсавета і кажа: Зінаіда Іванаўна, прыязжае камісія, хочуць зняць назву вуліцы Адамовіча, а таксама закрыць пытанні пра музей і пра помнік. У камісіі былі самыя высокія чыноўнікі - з Адміністрацыі прэзідэнта, з Магілёва, з наша райвыканкама. Аказалася, Пагоцкі зноў напісаў ліст. Я тады не стрымалася, выступіла, патлумачыла ім, што яны мізінца Алеся Адамовіча не вартыя".
"Калі я рыхтавалася да гэтай сустрэчы з камісіяй, перачытвала Адамовіча, я адкрыла яго для сябе зусім з іншага боку. Не як пісьменніка, а як грамадскага дзеяча. Як змагара за праўду з бюракратыяй, з сістэмай.
Колькі ён зрабіў, змагаючыся за праўду пра Чарнобыль. Ішоў, як Дон Кіхот супраць млыноў. Гэта ж якое трэба было мець здароўе і мужнасць. Не дзіва, што сэрца не вытрымала.
Ён ішоў ва-банк, калі "склалі лапкі" і не хацелі ваяваць з уладамі ні Міністэрства аховы здароўя, ні вучоныя, ён адзін ішоў супраць усіх. Вы толькі ўдумайцеся. Ён крычаў на ўвесь свет, прасіў дапамогі. Толькі дзякуючы яму людзей пачалі перасяляць, дзяцей вывозіць на лячэнне.
Дагэтуль супраць яго ідзе ўся гэтая бюракратыя, уся гэтая дзяржаўная машына. Не могуць прабачыць барацьбу за праўду" (Зінаіда Гарнастай, Глуша).
Адразу на ў'ездзе ў пасёлак (з боку Бабруйска) прыцягвае ўвагу "Прыпынак Адамовіча". У мінулым - звычайны аўтобусны прыпынак, а сёння арт-аб'ект. Мастак Аляксандр Благій намаляваў на сценах павільёна мапу Беларусі з "пацеркай" - Глушай, выяву пісьменніка, і яшчэ адну яго цытату з "Vixi".